Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы

Нібы маці, берагчы працаўніцу нашу – мову,

Бо яна – жыцця зачын і пачатак песні новай.

Я.Сіпакоў

4У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю.

Родная мова шмат не патрабуе. Калі ты чуеш яе – то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Дык не дай  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.

Вучні ДУА “Грыцкевіцкая сярэдняя школа” ў гэты дзень гаварылі пра тое, што сярод гэтага мноства моў ёсць адна асаблівая – родная, беларуская мова.

21 лютага 2023 года ў ДУА “Грыцкевіцкая сярэдняя школа” сапраўднае свята – Дзень роднай мовы. Вучні з прыгожымі6 прывітальнымі  словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову, з гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.  

У гэты дзень былі праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя мове, якую мы завем матчынай, на якой мы думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

12Пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мянько Т.Г. з мэтай выхавання цікавасці да беларускай мовы, фарміравання нацыянальнай свядомасці, развіцця моўнай культуры прайшла віктарына “Ці ведаеш ты сваю мову?” для вучняў 9-10 класаў. Навучэнцы з цікавасцю адказвалі на пытанні, рабілі творчыя паэтычныя замалёўкі.

А вучні 5-8 класаў прынялі ўдзел у квэст-гульні “Пагуляем у роднае слова”. У перакладзе з англійскай мовы “quest” – гэта “пошук”, “выкананне даручэнняў”.    Менавіта падчас гульні навучэнцы выконвалі самыя розныя заданні, падарожнічаючы і спыняючыся на розных прыпынках: Прыпынак “Загадкі”, Прыпынак  “Перакладчыкі”, Прыпынак “Старонкі мінулага і сучаснага”, Прыпынак “Шарада”, Прыпынак  “Словаведы”, Прыпынак “Крылатая паштоўка”, Прыпынак  “Літаратурная крыжаванка”.1

3Пазнавальна і весела прайшла гульня “Размаўляем па-беларуску” пад кіраўніцтвам настаўніка пачатковых класаў Радаман Таццяны Віктараўны і Грынкевіча Кірыла Андрэевіча. Вучні 1-4 класаў пазнаёміліся з гісторыяй утварэння мовы, яе станаўленнем; з захапленнем складалі прыказкі, адгадвалі рэбусы, крыжаванкі, адказвалі на пытанні, успаміналі беларускія народныя казкі.

Падводзячы вынікі дня роднай мовы вучні ўразумелі, што наша беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана сярод іншых моў свету. Каб любіць сваю Радзіму, трэба добра ведаць яе гісторыю, сваіх продкаў.